Мненияархив

26 августа 2023 г.

Рынок юридических услуг РБ: проблемы и пути их решения

Представители деловых ассоциаций о проблемах рынка юридических услуг и путях их решения

21 февраля 2023 г.

Институт налоговых консультантов в Республике Беларусь: практика функционирования и перспективы развития

Татьяна Быкова, директор Республиканского фонда содействия развитию предпринимательства, к.э.н.

Публикацииархив

08 сентября 2022 г.

Современные формы организации бизнеса: международный опыт и перспективы развития Беларуси

В книге представлены материалы, отражающие роль, место и стратегические факторы развития малых и средних предприятий в условиях глобализации.

Новости по тегам

Распечатать 30.08.2013

Дзяржава і бізнес разам шукаюць выйсце

Напрыканцы мінулага тыдня ў Дзяржынску адбылося чарговае пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі. Спачатку спакойная атмасфера звычайнага дакладна-справаздачнага мерапрыемства пасля змянілася эмацыянальным абмеркаваннем праблем, якія перашкаджаюць развівацца беларускаму бізнесу. Высокія стаўкі падаткаў, дарагая арэнда, недаступныя фінансы, слабая канкурэнцыя, нежаданне стварэння новых вытворчасцяў, катастрафічны недахоп кваліфікаваных работнікаў — пра гэта і шмат што іншае ішла размова.

Работнікаў шмат, а прафесіяналаў няма

Аляксандр Шакуцін, старшыня савета дырэктараў ААТ "Амкадор", паказаў удзельнікам пасяджэння зусім нядаўна створанае прадпрыемства "ПМІ "Гідраўліка", а пасля расказаў пра свае поспехі і даў некалькі парад. Па-першае, "сёння вытворчасць — гэта, перш за ўсё, лагістыка. Нельга будаваць заводы па савецкіх прынцыпах. Нават зэканомленая доля секунды можа знізіць сабекошт прадукцыі". Па-другое, Аляксандр Шакуцін прызнаўся, што на пытанне, якая ў беларускай вытворчасці зараз самая вялікая праблема, адказаў бы: "Поўная адсутнасць кваліфікаваных кадраў. А значыць, мы сёння павінны адбіраць найбольш "галавастых", адпраўляць на Захад вучыцца. Пасля яны будуць прыязджаць і вучыць іншых". Ёсць і яшчэ адна страшная праблема: "беларуская вытворчасць утрымлівае да 40% лішніх людзей. Але пры гэтым у нас і дэфіцыт працоўных рэсурсаў". Віцэ-прэм'ер Беларусі Пётр Пракаповіч, які з'яўляецца старшынёй Рады, пасля пацвердзіў, што "колькасць людзей насамрэч большая, чым патрэбна. Пасля аптымізацыі шмат работнікаў становяцца вольнымі. Напрыклад, толькі за першае паўгоддзе ў Міністэрстве прамысловасці вызвалілася больш за 10 тысяч чалавек. Але калі на малых прыватных прадпрыемствах будуць ствараць новыя працоўныя месцы, то гэты працэс будзе ісці бясшкодна". "Мы прайшліся з вамі па вытворчасці і ўбачылі сучасную тэхніку, дзе ўсё аўтаматызавана. Тут патрэбна мінімальная колькасць людзей, але гэта павінны быць спецыялісты высокай кваліфікацыі, — заявіў Пётр Пракаповіч. — Толькі высокай прадукцыйнасцю працы мы можам вырашыць дзве асноўныя нашы праблемы — павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і павышэнне канкурэнтаздольнасці нашых тавараў і паслуг, каб мы маглі годна выйграваць канкурэнтную барацьбу на любых рынках. Без месца на рынку сёння не можа быць ніякай перспектывы".

Дарэчы, пытанне адукацыі кваліфікаваных работнікаў вырашана больш падрабязна разгледзець на наступным пасяджэнні, прыкладна ў кастрычніку.

Экспарт і толькі экспарт

Так каротка можна перадаць словы намесніка прэм'ер-міністра Беларусі аб эканоміцы Беларусі. "Наша краіна арыентавана толькі на экспарт. Мы ўжо сёння павінны 65% усёй прадукцыі прадаваць за мяжу, а заўтра — 85%. Наша эканоміка пабудавана так, што мы вымушаны імпартаваць сыравіну і матэрыялы, а значыць, шмат павінны і адпраўляць на экспарт. Таму ўсё, што мы імпартуем, потым павінна прадавацца ў экспартнай прадукцыі. І тут вялікую ролю павінен сыграць прыватны бізнес. Ён павінен быць піянерам. У вас магчымасцяў больш, чым у іншых, каб укараняць сучасныя тэхналогіі, выкарыстоўваць новыя метады кіравання, — звярнуўся да прадпрымальнікаў Пётр Пракаповіч, — вы ведаеце, як працаваць у рынкавых умовах, таму важна, каб гэты вопыт быў выкарыстаны".

Ад бізнесу — 50% ВУП

Віцэ-прэм'ер паставіў і такую задачу: "Усё, што ёсць у свеце лепшага ў плане тэхналогій, павінна быць у нас. Калі 10-15 гадоў таму доля прыватных прадпрыемстваў была нязначнай, то сёлета мы павінны выйсці на чвэрць ВУП ад прадпрыемстваў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. І гэтая лічба будзе толькі павялічвацца. Да 2015 года — не менш за 30%. А ў наступнай пяцігодцы прыватны бізнес павінен ствараць 50% ВУП".

Асабліва важнае развіццё малога бізнесу ў рэгіёнах. "У некаторых раённых цэнтрах рэспублікі паступленні ў бюджэт падаткаў ад прыватнага бізнесу дасягае 60%. Нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, колькасць прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу з кожным годам расце (па 10-20% за год). Значыць, яны бачаць перспектывы і маюць умовы для развіцця. Але мы павінны разабрацца, якія праблемы перашкаджаюць ім працаваць лепш".

ПДВ не падымуць?

Пётр Пракаповіч падтрымлівае прапанову бізнесу не павышаць стаўку ПДВ: "Будзем уносіць адпаведную прапанову ва ўрад". Сёння стаўка падатку на дабаўленую вартасць складае 20%. Аднак намеснік кіраўніка ўрада кажа, што "рэвалюцыйны шлях у падатковай палітыцы непрымальны, у эканоміцы павінна быць стабільнасць. Мы не можам пайсці на тое, каб рэзка знізіць падаткі". У той жа час, па яго словах, стаўка падатку на прыбытак вызначана канкурэнтная — 18%, а значыць, прадпрымальнікі маюць магчымасць накіроўваць свой прыбытак на развіццё. Але Сяргей Навіцкі, генеральны дырэктар прадпрыемства "Хенкель Баўтэхнік", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва, паведаміў наступнае: "Цікавая сітуацыя з падатковай нагрузкай у краінах Мытнага саюза. Па свежых звестках Сусветнага банка, падатковая нагрузка ў Казахстане складае 26,8% ад прыбытку арганізацый, у Расіі — 54,1%, у Беларусі — 60,7%. Пры адсутнасці мытных бар'ераў паміж нашымі краінамі падаткі з'яўляюцца практычна адзіным рэгулятарам эканамічнай дзейнасці. У сувязі з гэтым мяне непакоіць той факт, што Міністэрства фінансаў збіраецца павялічыць стаўку падатку на дабаўленую вартасць да 22% нават пры тым, што адначасова будзе зніжацца стаўка падатку на прыбытак. Гэта, на маю думку, зніжае канкурэнтаздольнасць айчынных вытворцаў".

Хочаш памяшканне ва ўласнасць? Плаці

Шмат пытанняў ад прадстаўнікоў бізнес-саюзаў тычыліся набыцця арэндаваных плошчаў ва ўласнасць. Гэтая тэма разглядаецца ва ўрадзе, але праблем яшчэ шмат. "Мы ўзялі на кантроль усю маёмасць, якая здаецца ў арэнду і якая можа быць прададзена ва ўласнасць, але продаж яе павінен ісці па рынкавым кошце", — кажа Петр Пракаповіч. На думку намесніка прэм'ер-міністра, сёння высокія арэндныя стаўкі на памяшканні таму, што іх не хапае. "Значыць, трэба ўзводзіць новыя памяшканні — для гэтага перашкод няма". Па словах віцэ-прэм'ера, "у Мінску 300 фірмаў звярнуліся з заявамі купіць арэндаваныя памяшканні, але калі яны даведаліся пра кошт, то ахвотнікаў засталося толькі 100. Тым не менш попыт на выкуп арэндаванага памяшкання ва ўласнасць ёсць". Трошкі іншай думкі прытрымліваецца Аляксандр Шакуцін: "Аддайце вы непрацуючае прадпрыемства прыватніку хоць за адну базавую велічыню, толькі абавяжыце там працаваць, — і вы атрымаеце грошы праз падаткі. Паўсюль павінен быць гаспадар. Трэба развіваць вытворчасць, а не гандаль. Паглядзіце, колькі ўжо ў нас гандлёвых цэнтраў! І там прадаецца імпартная прадукцыя. А трэба вырабляць сваё". У сваю чаргу Аляксандр Турчын, намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, паскардзіўся на тое, што ўсе, хто да яго прыходзіць, хочуць памяшканні выключна за МКАДам. "Ды бярыце вы ў іншых месцах памяшканні — калі ласка. Мы гатовы сёння ісці насустрач і паніжаць цану, даваць растэрміноўку".

Замест гандлю — вытворчасць

Па-ранейшаму непакоіць прадпрымальнікаў і пытанне паставак прадукцыі ў рэспубліку ў адпаведнасці з тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза. Пётр Пракаповіч лічыць, што ў прадпрымальнікаў не павінна быць праблем з пастаўкай сертыфікаванай ці дэклараванай прадукцыі. "Прадпрымальнікі павінны разумець, што сёння сітуацыя не тая, што 20 гадоў таму, цяпер дзейнічаюць буйныя гандлёвыя сеткі і ўжо не па кожны тавар чалавек ідзе на рынак. Калісьці гэта ўсё скончыцца. Тыя, хто гандлюе на рынку, павінны гэта разумець і падумаць, чым яны будуць займацца далей — вытворчасцю ці імпартам тавараў", — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Працаваць павінны і дзяржава, і прыватнік

Віктар Маргелаў, старшыня саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва", лічыць, што стрымальным фактарам для развіцця эканомікі з'яўляюцца пастаянныя дэвальвацыйныя чаканні, адсутнасць канкурэнцыі і зніжэння выдаткаў. Таксама яго непакоіць пытанне, чаму людзі, якія атрымліваюць па два-тры мільёны, не хочуць пераходзіць на больш напружаную працу з заробкам у шэсць-сем мільёнаў? Можа быць, трэба штосьці змяняць у сацыяльнай сістэме і падумаць і пра духоўнае развіццё грамадства? Але галоўным пасылам прадстаўніка бізнесу была просьба: "Хопіць размяжоўваць на дзяржаўнае і прыватнае — усе павінны працаваць". Аляксандр Калінін, старшыня грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз прадпрымальнікаў", дадаў да праблемных пытанняў высокі кошт фінансавых рэсурсаў.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

г. Дзяржынск.

Звязда № 159 (27524), 27 жнiўня 2013 года

мероприятияархив