08 сентября 2022 г.
Современные формы организации бизнеса: международный опыт и перспективы развития БеларусиВ книге представлены материалы, отражающие роль, место и стратегические факторы развития малых и средних предприятий в условиях глобализации.
Не закопвайце талент у зямлю
Чарговае пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі было прысвечана ўдзелу прыватнага бізнесу ў комплексным выкарыстанні прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. Пасля наведвання некалькіх паспяховых прадпрыемстваў рэгіёна ўдзельнікі Савета ўпэўніліся, што многае залежыць ад таленту бізнесмена. І галоўнай высновай пасяджэння стала аксіёма — мясцовыя органы ўлады павінны ствараць максімальна камфортныя ўмовы для развіцця паспяховага бізнесу ў краіне.
Выкарыстоўваць па максімуме
Па словах намесніка прэм’ер-міністра Беларусі і старшыні Савета Пятра Пракаповіча, дзяржаўная праграма па развіцці Прыпяцкага Палесся мае вялікае значэнне. Гэты рэгіён аб’ядноўвае чатыры раёны Гомельскай вобласці і тры — Брэсцкай. «Рэалізоўвацца праграма павінна не толькі за кошт дзяржаўных інвестыцый, але і прыватнага сектара. У гэтым рэгіёне для развіцця прадпрымальніцтва ёсць вялікія магчымасці. Іх рэалізацыя абяцае значныя вынікі не толькі для Прыпяцкага Палесся, але і краіны ў цэлым», — лічыць Пётр Пракаповіч.
«У Беларусі больш за 110 тысяч прыватных прадпрыемстваў, але яшчэ шмат рэзерваў для іх развіцця. Не выкарыстоўваюцца яны часцей за ўсё з-за таго, што наша ўлада на месцах не стварае ўмовы, каб таленавітыя бізнесмены, якія станоўча праявілі сябе, маглі развіваць свой бізнес», — заявіў Пётр Пракаповіч. Прыкладаў паспяховага бізнесу шмат, галоўная задача — распаўсюджваць гэты вопыт па краіне. «У Беларусі прыватны сектар займае адну трэць эканомікі; напрыклад, заўтра ён зойме больш за палову — дзяржаве трэба максімальна выкарыстоўваць яго магчымасці і спрыяць развіццю», — упэўнены намеснік прэм’ер-міністра.
Прыпяцкае Палессе можа злучыць два берагі беларускай эканомікі — дзяржаўны і прыватны.
Нафта знікне, а зямля застанецца
Пётр Пракаповіч падкрэсліў, што стварэнне паспяховых прадпрыемстваў дае новыя працоўныя месцы, а значыць, дазваляе захоўваць моладзь у рэгіёне і павялічваць колькасць насельніцтва. «У сямі раёнах Прыпяцкага Палесся, на жаль, колькасць насельніцтва пакуль не павялічваецца, а наадварот, крыху зніжаецца. Гэта сведчыць аб тым, што ўлада і бізнес разам не здолелі стварыць патрэбныя і камфортныя ўмовы для прыцягнення новых кадраў і захавання наяўных».
Напрыклад, у Тураве нядаўна з’явіўся малочны камбінат з самым сучасным абсталяваннем. Выпускаюць там звышмодныя сыры — мацарэлу і іншыя. Як быццам жалезная гарантыя новых працоўных месцаў. Аднак прадпрыемства сёння працуе не на поўную магутнасць (усяго на 40%) з-за адсутнасці сыравіны. Такое адчуванне, што бізнес-план трошкі недапрацавалі. «З гэтым трэба змагацца прадстаўнікам бізнесу і ўлады сумесна», — лічыць намеснік кіраўніка ўрада.
У той жа час ёсць прыклады выдатна прадуманай стратэгіі развіцця бізнесу. Сялянская гаспадарка Міхаіла Шруба зарабляе нядрэнныя грошы і пастаянна ўкладвае іх у сваё развіццё — то новыя сховішчы пабудуюць, то тэхніку сучасную закупяць. Пётр Пракаповіч падкрэсліў, што калі б усе гаспадаркі такога плана мелі гадавую выручку на аднаго работніка на сяле, як у гаспадарцы гэтага бізнесмена, то Беларусь мела б не менш за 25 млрд еўра выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі. А гэта ў разы больш, чым сёння. Увогуле, намеснік прэм’ер-міністра бачыць у зямлі самы вялікі скарб Беларусі — скажам, нафта ці газ могуць знікнуць, а зямля заўсёды застанецца. «З гэтага вынікае выснова: трэба досвед такіх таленавітых кіраўнікоў выкарыстоўваць і ствараць для іх максімальна камфортныя ўмовы, а таксама шукаць тых, хто зможа так працаваць. Галоўнае — вынік і эфектыўнасць працы, таму трэба падтрымліваць ініцыятыву таленавітых прадпрымальнікаў. Калі мы бачым, што на справе кіраўнік недзяржаўнага прадпрыемства паказаў добры прыклад, значыць, трэба даваць яму магчымасці для развіцця».