Звярнуцца з пытаннем
Публiкацыiархiў

31 ліпеня 2014 11:28:00

Спрошчаная сістэма падаткаабкладання: метадычны дапаможнік па прымяненні

У метадычным дапаможніку прадстаўлены матэрыялы, якія адлюстроўваюць дзеючы ў Рэспубліцы Беларусь механізм прымянення ССП.

Падпiсацца RSS

Падзяляй… і вырашай праблемы

Распечатать 26.02.2015

Савет па развіцці прадпрымальніцтва можа «раздаць» паўнамоцтвы пастаянным камісіям

Адпаведную прапанову агучыў на пасяджэнні савета старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін. Згодна з заканадаўствам, савет мае права ствараць як пастаянныя, так і часовыя рабочыя групы, камісіі для вырашэння задач дарадчага органа, а таксама прыцягваць для ўдзелу ў іх працы спецыялістаў розных арганізацый. Як адзначыў Аляксандр Калінін, на сёння перыядычнасць склікання савета (раз на квартал) не дазваляе разгледзець увесь комплекс існуючых пытанняў.

Не за кошт бюджэту

Стварэнне шэрагу пастаянных камісій па пытаннях прадпрымальніцтва, на думку старшыні Беларускага саюза прадпрымальнікаў, будзе спрыяць паляпшэнню дыялогу з канкрэтнымі органамі ўлады. У прыватнасці, прапануецца стварыць камісіі па стратэгіі развіцця прадпрымальніцтва, па абароне яго правоў і законных інтарэсаў, па фінансаванні суб’ектаў прадпрымальніцтва, па яго маёмасных і зямельных пытаннях, па скарачэнні неплацяжоў у дачыненні да суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а таксама камісію па развіцці канкурэнцыі і антыманапольнай палітыцы.

Аляксандр Калінін растлумачыў, што гаворка не ідзе аб прыцягненні для гэтага бюджэтных грошай. Такім чынам прапануецца пашырыць кола спецыялістаў з грамадскіх арганізацый, акрамя членаў савета, іншых экспертаў, супрацоўнікаў дзяржорганаў для наладжвання міжведамаснага дыялогу для выпрацоўкі гатовых рашэнняў па праблемных пытаннях. Старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Пётр Пракаповіч падтрымаў гэтую ідэю. Больш дэталёва пытанне плануецца разгледзець на наступным пасяджэнні.

Навошта саступаць?

Але вернемся да надзённых пытанняў, якія пакуль што давядзецца вырашаць па старой схеме.

Беларусь у стане скараціць імпарт мінімум у паўтара раза, лічыць Пётр Пракаповіч. Паводле яго слоў, збалансаванасці айчыннай эканомікі можна дасягнуць толькі пры ўмове значнага павелічэння экспартнага патэнцыялу і змяншэння залежнасці ад імпарту: «Скажам, на спажывецкім рынку імпарт павінен займаць не больш за 15-20%. Усё астатняе мы можам рабіць самі, але мы пры гэтым добраахвотна саступаем свой рынак».

Паводле інфармацыі Пятра Пракаповіча, за мінулы год Беларусь павялічыла спажывецкі імпарт амаль на 1 млрд долараў. Гэта страты нашых вытворцаў. У сувязі з гэтым пытанне імпарту застаецца актуальным для савета. «Гэта стратэгія развіцця краіны на перспектыву, якая павінна забяспечыць канкурэнтаздольнасць нашай эканомікі на ўнутраным і знешнім рынках», — падкрэсліў кіраўнік савета.

Танным грошам патрэбна якаснае кіраванне

Пётр Пракаповіч лічыць, што пытанне высокіх працэнтных ставак па крэдытах для прадстаўнікоў бізнесу ў Беларусі павінна быць вырашана ў найбліжэйшы час. У адваротным выпадку наўрад ці можна будзе казаць пра эканамічны рост. Як адзначыў старшыня Савета, высокі кошт крэдытных рэсурсаў (а часта яны проста недаступныя для бізнесу, асабліва для малых і сярэдніх прадпрыемстваў), тармозіць развіццё і прыватнага сектара, і эканомікі ў цэлым. У сувязі з гэтым задача Савета па развіцці прадпрымальніцтва — уносіць прапановы Нацыянальнаму банку, ураду, каб сумеснымі намаганнямі вырашыць пытанні збалансаванасці айчыннай эканомікі і паралельна пытанні зніжэння працэнтных ставак па крэдытах.

Аднак ёсць яшчэ адна ўмова эканамічнага поспеху, акрамя даступных крэдытных рэсурсаў. У дадатак да гэтай акалічнасці, на думку генеральнага дырэктара СЗАТ «Сервалюкс» Яўгена Баскіна, патрэбна якаснае кіраванне. «Банкруцтва некалькіх расійскіх прадпрыемстваў, — гаворыць бізнесмен, — паказвае нам, што таннае фінансаванне без кіраўніцкай кампетэнцыі і прафесійнай экспертызы не працуе. У той жа час наш прыклад паказвае, што ў прававым полі Беларусі можна стварыць паспяховы бізнес, які будзе адпавядаць самым высокім сусветным стандартам». Хоць у будучыню прадпрымальнік глядзіць упэўнена, але са стрыманым аптымізмам, гаворачы, што даводзіцца вырашаць задачы з вялікай колькасцю невядомых.

Доступ да рэсурсаў

Да ліку пытанняў, якія да гэтага часу не зняты з парадку дня і патрабуюць найхутчэйшага вырашэння, адносяцца высокі кошт арэнды для многіх прадпрыемстваў і доступ да сыравінных рэсурсаў. «Нашым вытворцам трэба даваць сыравіну ў першую чаргу — гэта больш выгадна, таму што яны на аснове гэтай сыравіны вырабляюць гатовую прадукцыю, якую рэалізуюць на экспарт па больш высокай для краіны цане», — падкрэсліў Пётр Пракаповіч. Адпаведная работа ўжо праводзіцца, усе ўказанні ўрадам дадзены. «Цяпер трэба да канца давесці гэтае пытанне, каб стала правілам: у першую чаргу сыравінай павінны забяспечвацца айчынныя прадпрыемствы». На погляд кіраўніка савета, гэта будзе вялікім стымулам для развіцця эканомікі.

Сярод іншага Пётр Пракаповіч канстатаваў, што да гэтага часу не атрымліваецца зняць пытанні бюракратызму і цяганіны. Шмат у чым гэта звязана з замоўчваннем праблем. Акрамя таго, ёсць цэлы шэраг іншых пытанняў, па якіх савету трэба будзе актыўна працаваць сёлета. Некаторыя з такіх праблем агучылі самі бізнесмены.

Напрыклад, Віктар Лемяшэўскі, дырэктар ТАА «ПАК-кіраванне», паскардзіўся на адпужванне мясцовымі ўладамі замежных інвестараў. Ён распавёў пра сітуацыю, калі амерыканскі інвестар збіраўся ўкласціся ў праект коштам каля 30 мільёнаў долараў, а мясцовыя ўлады адразу змянілі ўмовы і дадалі да праекта мадэрнізацыю інфраструктуры горада на 3 млн долараў. «Праект падаражэў на 10%. Гэта выклікала шок, — сказаў бізнесмен. — Потым, вядома, мы праз шэраг перамоў дабіліся зніжэння лічбы, але ўсё роўна гэтыя грошы па-за праектам. Атрымліваецца, што мы адпужваем інвестара замест таго, каб прывабліваць».

Не прадаў — сам вінаваты

Падчас пасяджэння Савета прагучала прапанова дазволіць прадпрымальнікам рэалізоўваць завезены да 1 ліпеня 2014 года тавар без абмежавання тэрмінаў. У якасці аднаго з аргументаў была названа немагчымасць хуткай рэалізацыі некаторых груп тавараў. Пётр Пракаповіч параіў прадпрымальнікам не чакаць, што ўрад дазволіць ім бестэрмінова гандляваць рэшткамі тавараў.

Кіраўнік савета пагадзіўся, што некаторыя пытанні, якія сёння агучваюцца прадпрымальнікамі, сапраўды носяць аб’ектыўны характар і маюць права на разгляд. «Але казаць пра тое, што за 8 месяцаў, якія прайшлі пасля 1 ліпеня, тавар не рэалізаваны… Калі ў прадпрымальніка было 10 адзінак тавару 8 месяцаў таму, і ён іх не прадаў, ён павінен быў ужо абанкруціцца. Таму ставіць пытанні пра бестэрміновую рэалізацыю рэшткаў наяўных тавараў несур’ёзна», — падкрэсліў Пётр Пракаповіч. Паводле яго слоў, некаторыя пытанні прадпрымальнікаў яшчэ будуць разгледжаны ўрадам, аднак ён папрасіў усё ж рэальна глядзець на рэчы.

Як паведамлялася раней, з 1 сакавіка рэалізацыя індывідуальнымі прадпрымальнікамі рэшткаў тавараў, увезеных у Беларусь з тэрыторыі дзяржаў — членаў Мытнага саюза да 1 ліпеня 2014 года без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё (паступленне), не дапускаецца. За рэалізацыю тавараў з парушэннем умоў, прадугледжаных указам № 222, для індывідуальных прадпрымальнікаў устаноўлена адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй тавараў, выручкі, атрыманай ад рэалізацыі тавараў, або без канфіскацыі.

Да 1 сакавіка прадпрымальнікі маюць права ажыццяўляць рознічны гандаль рэшткамі тавараў з выплатай адзінага падатку. Пры гэтым да стаўкі прымяняецца павышальны каэфіцыент 2 незалежна ад удзельнай вагі рэшткаў тавараў, увогуле асартыменту, а таксама падатку на дабаўленую вартасць у фіксаванай суме.

Кадравыя змены

Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі можа змяніць Пятра Пракаповіча на пасадзе старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва. «Я ўнёс прапанову, у якой прасіў прызначыць на пасаду старшыні савета чалавека, які можа адразу прымаць рашэнні», — сказаў Пётр Пракаповіч. Паводле яго слоў, прапанова ўжо ўнесена на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, газета "Звязда"